Валерыя Філяева: «Прыходзіцца стрымліваць сябе, каб не засмяяцца ў прамым эфіры»

Тэнісныя трансляцыі на беларускім тэлебачанні з’явіліся параўнальна нядаўна. Але беларускі глядач ужо прывык назіраць за поспехамі Вікторыі Азаранкі, Сірэны Уільямс, Марыі Шарапавай пад каментар знаёмых журналістаў Белтэлерадыёкампаніі. Аднак гэтай вясной мужчынскія галасы ў эфіры разбавіў адзін жаночы.

 

«Звязда» вырашыла пазнаёміцца з тэнісным каментатарам Валерыяй Філяевай і пагутарыць пра шлях да каментатарскага пульта, імправізацыю ў прамым эфіры і асаблівасці сучаснага тэніса.

Дыплом, «Твітар»і тэнісная кар’ера

Што прывяло цябе за каментатарскі пульт?

— Ва ўніверсітэце я пісала дыпломную работу пра асвятленне лонданскай Алімпіяды на беларускім тэлебачанні. А паколькі кніг па гэтай тэме амаль што няма, мой навуковы кіраўнік параіў звярнуцца да Аляксандра Казюкевіча, які на той момант узначальваў спартыўную дырэкцыю Белтэлерадыёкампаніі. Мы сустрэліся з Аляксандрам Уладзіміравічам, пагутарылі наконт майго дыплома. І літаральна ў той жа дзень я зайшла на сваю старонку ў «Твітар» і заўважыла аб’яву тэлевядучага, які працуе ў Белтэлерадыёкампаніі: калі хочаце стаць тэнісным каментатарам, запісвайце «дэма» і дасылайце на Макаёнка. Але як зрабіць дэма-запіс і як яго падаць, я не мела ніякага ўяўлення. Таму вырашыла скарыстацца магчымасцю, кантактуючы з Аляксандрам Казюкевічам. Аляксандр Уладзіміравіч сказаў, чаму б не паспрабаваць… Вось спрабую дагэтуль.

Напэўна, табе дапамог той факт, што раней ты прафесіянальна гуляла ў тэніс?

— Гэта дапамагае мне пры кожным выхадзе ў эфір. Мабыць, таму я ўжываю занадта шмат тэрмінаў ці распавядаю неяк мудрагеліста. Але я гэта заўважаю і паступова вучуся каментаваць больш даступна для гледача.

Раскажы, калі ласка, як склалася твая тэнісная кар’ера?

— Пачну з таго, што ў тэніс я прыйшла позна, у 10 гадоў. Таму мне давялося вельмі цяжка і шмат трэніравацца, каб да 13-14 гадоў дагнаць сваіх равеснікаў. Вядома, што ў тэнісе можна «выстраліць» і ў 16 гадоў, прыкладаў безліч, але як спартсменка я раскрылася даволі позна. Ужо быўшы студэнткай журфака, працягвала ездзіць па турнірах. Але бацькі на гэта скідак не рабілі — я павінна была добра вучыцца і рабіць усё, каб атрымаць якасную адукацыю. У пэўны момант тэніс перастаў прыносіць аддачу: спонсарскія сродкі не адпавядалі вынікам, якія я паказвала. А які сэнс марнаваць час, грошы і здароўе дзеля няздзейснай мары? Таму вырашыла скончыць тэнісную кар’еру. Але маё жыццё заўсёды было звязана са спортам. Бо, акрамя тэніса, я займалася лёгкай атлетыкай, тайскім боксам… І цяпер працягваю асвойваць некаторыя віды спорту. З гэтай пазіцыі і выбрала журфак. Каб стаць спартыўным журналістам.

Падарунак лёсу

Тым не менш тэніс працягвае займаць у тваім жыцці вялікае месца, бо цяпер ты — трэнер. Прычым незвычайны… Раскажы, як ты пачала трэніраваць інвалідаў-калясачнікаў?

— Гэта таксама падарунак лёсу. Аднойчы я прыйшла на спарынг да адной тэнісісткі. А яе трэнеру ў той час якраз прапанавалі папрацаваць з калясачнікамі, але тая адмовілася. І прапанавала гэты варыянт мне. Спачатку ў мяне была адна вучаніца. Яна мне неяк і расказала пра дабрачынную арганізацыю «Эгалітэ», якая займаецца спартыўнай рэабілітацыяй. Пачалі супрацоўнічаць, і мяне зацягнула.

Як ты вучылася трэніраваць людзей з пэўнымі асаблівасцямі здароўя?

— Насамрэч усё праходзіла на інтуітыўным узроўні. Перш за ўсё я вырашыла засяродзіцца на фізічнай і псіхалагічнай падрыхтоўцы сваіх навучэнцаў, а потым ужо перайсці да спецыяльных тэхнік. Безумоўна, дапамагаюць стасункі з замежнымі калегамі. Сапраўдным адкрыццём для мяне стала міжнародная канферэнцыя ў Тальяці, прысвечаная інваспорту і тэнісу на калясках у прыватнасці. Там я пачарпнула грунтоўныя веды, якія цяпер выкарыстоўваю на практыцы.

Нягледзячы на тое, што гаворка ідзе пра аматарскі тэніс, ведаю, твае вучні плануюць трапіць на Паралімпійскія гульні.

— Гэта я іх так настройваю! Няважна, аматарскі гэта ўзровень ці прафесійны, спартсмен павінен адчуваць спаборніцкі дух і ставіць перад сабой нейкія мэты. Іншая рэч, што ў людзей з абмежаванымі магчымасцямі гэтыя мэты вельмі размытыя. Таму ім неабходны такі трэнер, які будзе матываваць, абмалёўваць перспектывы. А перспектывы сапраўды ёсць. Калі шмат трэніравацца, выйсці на пэўны ўзровень і мець пры гэтым пастаяннага спонсара, то мары маіх падапечных могуць ажыццявіцца.

Колькі ў цябе сёння вучняў?

— Як ні дзіўна, але дакладна адказаць на гэтае пытанне складана. У мяне ёсць група, але не ўсе могуць наведваць кожную трэніроўку, бо існуе мноства фактараў, якія гэтаму перашкаджаюць. Напрыклад, своечасова не прыйшло сацыяльнае таксі ці шмат снегу наваліла, цяжка дабірацца. Ёсць і такія паняцці, як праца (а ў мяне амаль што ўсе спартсмены ўладкаваны!), асабістае жыццё. Тым не менш ахвотных займацца вельмі шмат, асабліва сярод дзетак з ДЦП. Але, на жаль, на ўсіх не хапае калясак. «Эгалітэ» — гэта цалкам дабрачынная арганізацыя, але яна не бяздонная. Трэба плаціць зарплаты, арандаваць корты…

Чарадзейныя кнопачкі

Часцей за ўсё ты каментуеш у пары. Але адзін з апошніх турніраў ты адпрацавала ў фармаце «сола». Які варыянт больш спадабаўся?

— Не ў крыўду маім напарнікам — Аляксандру Казюкевічу і Сяргею Мацкевічу — але працаваць адной мне больш даспадобы. Я люблю падрабязна абмяркоўваць матч, засяроджваць увагу на тэхнічных складніках. Бо важна разумець, што ў тэнісе няма выпадковых розыгрышаў. Кожны папярэдні эпізод узаемазвязаны з наступным, незалежна ад таго, цягнецца матч гадзіну, паўгадзіны ці пяць гадзін. Таму падчас эфіру варта вяртацца назад, згадваць тыя ці іншыя дзеянні спартсменаў. А калі ты каментуеш у пары, трэба паважаць слова калегі, даваць яму выказвацца, калі той «падхапіў хвалю» (усміхаецца). Часта губляецца ніць расповеду, мне такіх момантаў шкада. Ды і напарнікам, якія не знаёмы з тэнісам на прафесіянальным узроўні, бывае цяжка падтрымаць размову пра пэўныя дэталі.

Адсюль вынікае, што тэарэтык апрыёры не можа стаць добрым каментатарам?

— Зусім не. У мяне, напрыклад, ёсць планы каментаваць і іншыя віды спорту, да якіх, па вялікім рахунку, я не маю ніякага дачынення. Ужо нават распрацавала план, па якім буду рыхтавацца. Галоўнае, каб было шчырае жаданне засвоіць новыя навыкі. Усё прыходзіць з вопытам. Добрыя эфіры таксама.

У чым заключаюцца складанасці працы ў прамым эфіры, якія, мабыць, незаўважныя для гледача?

— У нас ёсць свае сакрэты, як «бязгучна» чыхнуць ці папіць вады. Выратоўваюць чарадзейныя кнопачкі. Але для мяне самая вялікая праблема — утрымацца ад смеху ў прамым эфіры. Справа ў тым, што ў мяне вельмі заразлівы смех, і калі я пачну, смяяцца будуць усе — напарнікі, рэжысёры… Мае сябры нават жартуюць: «Чакаем не дачакаемся, калі ты нарэшце зарагочаш «у тэлевізары»» (смяецца).

А што датычыцца памылак, абмовак і г.д.?

— Раней я прытрымлівалася думкі, што ўсё павінна быць ідэальна. Але, папрацаваўшы пэўны тэрмін за каментатарскім пультам, зразумела, што гэта немагчыма. Нават робаты і камп’ютары даюць збой, а тут жывы чалавек… Так ці інакш праскокваюць нейкія прымітыўныя памылкі, як бы ты ні «фільтраваў» сваю гаворку. І справа нават не ў практыцы — гэта тое, што называюць «чалавечым фактарам».

Старая загартоўка

Як думаеш, лепш рупліва рыхтавацца да эфіраў ці заўжды разлічваць на імправізацыю?

— Імправізацыя паспяхова праходзіць тады, калі ты падрыхтаваны — добра ведаеш матэрыял і табе ёсць чым падзяліцца з гледачом. Акрамя таго, падчас матча ўсё змяняецца тысячу разоў, таму ў любым выпадку даводзіцца імправізаваць. Тым не менш, рыхтуючыся да эфіру, я стараюся знайсці эксклюзіўную інфармацыю, дзесьці звязаўшыся непасрэдна з самімі спартсменамі, дзесьці пачуўшы цікавыя звесткі з першых вуснаў. І вельмі шкада, калі не атрымліваецца ўзгадаць усё нарыхтаванае, бо матч можа працягвацца зусім не доўга.

— Чытаючы спартыўную прэсу, часта не пагаджаешся з думкамі калег?

— Бывае. Я вельмі не люблю, калі журналісты даюць катэгарычныя ацэнкі гульні той ці іншай тэнісісткі. Вось гэтая згуляла фенаменальна, а гэтая — вельмі дрэнна… Многія забываюць (а можа, і ўвогуле не ведаюць), што падтрымліваць выдатную форму ўвесь сезон не-рэ-аль-на! І тыя нечаканыя пройгрышы ад «топавых» тэнісістак — заканамерныя, а не выпадковыя, як часта пішуць у СМІ. Яшчэ больш не люблю, калі тэнісістак крытыкуюць за пазаспартыўную дзейнасць. Кшталту «Чаму гэта Віка (Вікторыя Азаранка. — Аўт.) здымаецца ў рэкламе, а не трэніруецца на корце?!» Сябры, пасля тэнісу ёй яшчэ замуж выходзіць і дзяцей нараджаць. Працуючы на пляцоўцы без абмежаванняў, вельмі лёгка можна зламацца. Неяк сябар адказаў мне на гэта: «Лера, а што ты хочаш? Гэта іх праца!». А на любімай працы ты хочаш заставацца даўжэй. Таму ў трэніроўках таксама трэба ведаць меру.

Твой каментар досыць эмацыянальны. Гэта ў табе праяўляецца заўзятар, які перажывае за тую ці іншую тэнісістку?

— Шчыра кажучы, зараз у мяне няма фаварытак сярод тэнісістак. Чаму? Жаночы тэніс вельмі змяніўся з часоў майго станаўлення як спартсменкі. Таму, нягледзячы на малады ўзрост, у плане разумення тэніса я старой загартоўкі. Трэба прызнаць, што тэніс стаў прымітыўным. І вопытныя каментатары, якія працуюць у гэтым відзе спорту больш за 20 гадоў, у сваіх эфірах часта развіваюць гэту думку. Вядома, ёсць тэнісісткі, якія акрамя «бі — бягі» прапануюць яшчэ нешта, але гэта, хутчэй, выключэнні з правілаў. Для мяне папярэдняя эра тэніса скончылася з сыходам легендарнай Жусцін Энен. Але незалежна ад сімпатый ці антыпатый, як каментатар я павінна падладжвацца да сучасных тэнісных рэалій.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ



comments powered by Disqus